generation.by

Вікіпэдыя і Вікіпедыя: год суіснаваньня пасьля падзелу

  • ️@generationby
  • ️Fri Jul 04 2008

Вікіпэдыя і Вікіпедыя 

Год таму адбыўся скандальны падзел Беларускай Вікіпэдыі паводле правапісу. 27 сакавіка 2007 году прыхільнікам наркамаўкі быў аддадзены дамэн be.wikipedia.org, на якім папярэдне ўжо тры гады існавала Беларуская Вікіпэдыя клясычным правапісам. У выніку энцыкляпэдыя на тарашкевіцы была перанесеная на іншы дамэн. Якія стасункі між дзьвюма Беларускімі Вікі сёньня, даведаўся Generation.by.

Падзел Вікіпэдыяў 

Год таму былі хваляваньні, што болей чым шэсьць тысяч артыкулаў, назапашаных ад дня заснаваньня Беларускай Вікіпэдыі 12 жніўня 2004, будуць проста зьнішчаныя. Падставы для хваляваньняў былі — зранку з сайту раптоўна зьніклі ўсе артыкулы, а карыстальнікі не маглі ўвайсьці пад сваімі нікамі.

На працягу некалькіх месяцаў прыхільнікі наркамаўкі дамагаліся ад адміністрацыі Вікіпэдыі стварэньня для іх асобнай пляцоўкі. Да гэтага моманту іх праект разьвіваўся ў так званым інкубатары, дзе заўзятары стварылі 3565 артыкулаў, напісаных наркамаўкай. У выніку дамен be.wikipedia.org быў аддадзены ім.

Увечары 27 сакавіка мінулага году стала вядома, што Беларускай Вікіпэдыі клясычным правапісам быў дадзены новы дамэн be-x-old.wikipedia.org.

Беларускія Вікіпэдыі сёньня 

Прайшоў год з часоў гарачых спрэчак і ўзаемных абвінавачваньняў на абодвух правапісах. Аднак Беларуская Вікіпэдыя так і існуе ў дзьвюх вэрсіях, і выглядае на тое, што мірыцца бліжэйшым часам не зьбіраецца.

Generation.by распытаў стан справаў і ўдакладніў, як ацэньваюць сытуацыю прадстаўнікі клясычнага і наркамаўскага бакоў. RWD, адміністратар разьдзелу Вікіпэдыі клясычным правапісам, падзяліўся сваім меркаваньнем пра бягучую сытуацыю:

«Пра раскол і адносіны зь іншым бокам магу сказаць, што асаблівых адносінаў зараз няма, бо няма чаго зараз дзяліць, то бок з тым разьдзелам камунікацыя ідзе на тым жа ўзроўні, што і зь любым іншамоўным разьдзелам Вікіпэдыі».

Ня так даўна было абвешчана, што колькасьць артыкулаў у Вікіпэдыі наркамаўкай дасягнула 10-тысячнай мяжы і працягвае расьці, колькасьць жа артыкулаў у Вікіпэдыі клясычным правапісам меншая — на сёньняшні дзень там 9 021 артыкул

«Я бы ня мераў Вікіпэдыі колькасьцю артыкулаў, гэта безумоўна зьяўляецца паказчыкам, але далёка не галоўным, галоўны — гэта якасьць. Да прыкладу магу сказаць, што нягледзячы на тое, што у наркамаўскай Вікіпэдыі колькасьць артыкулаў болей, але ў Вікіпэдыі клясычным правапісам сярэдні памер артыкула перавышае сярэдні памер артыкула ў Вікіпэдыі афіцыйным правапісам», — тлумачыць RWD.

Адзін зь першых удзельнікаў новага Беларускага Вікі-праекта нарматыўным правапісам, які зачаўся ў так званым Інкубатары — Mienski — з год таму адышоў ад актыўнага ўдзелу ў працы праекта, але дасюль сочыць за жыцьцём суполкі. Ён падзяліўся з Generation.by сваімі назіраньнямі:

«Паводле маіх назіранняў, пасля падзелу беларуская Вікіпедыя ў абедзвюх літаратурных нормах — афіцыйным правапісе і тарашкевіцы — развіваецца не менш актыўна. А што да нарматыўнага раздзела, дык можна ўпэўнена сцвердзіць пра павышэнне якасці артыкулаў ды ўнікальнасці змешчанай інфармацыі.

Таму я сам гляджу на гэты падзел як на нешта аб’ектыўна пазітыўнае: беларускай інфармацыі ў сеціве стала болей, ды якаснейшай. Наогул, ёсць некалькі ўдзельнікаў беларускага Вікі-руху, якія ўдзельнічаюць у працы абодвух беларускіх праектаў: пераводзяць правапіс артыкулаў на неасвечаныя тэмы на патрэбны ды дадаюць звесткі ў энцыклапедыю, у якой не стае нейкай тэматыкі. Карацей, сапраўды вартая інфармацыя не губляецца на розных пляцоўках і трапляе да беларускага спажыўца:)»

Пэрспэктывы супрацоўніцтва абодвух Вікіпэдый Mienski ацэньвае наступным чынам:

«Я дык пэўны, што мы партнёры, робім агульную справу, беларускую, а таму не трэба ўжо фарсіраваць варажнечу, якая, можа, у каго дасюль трывае. Магчыма, хтосьці дасюль нас ліча агентамі КГБ ці камуністамі, як сцвярджалі ў часе „падзелу“, магчыма… Але мы тут нічым гэтым людзям не дарадзім:) Нашая супольнасць ад першых дзён рэкламуе тарашкевіцкі раздзел на Галоўнай старонцы энцыклапедыі (можаце глянуць). Спадзяюся, хаця б такі крок не будзе яшчэ пару гадоў чакаць з боку тарашкевіцкай супольнасці».

Дапамагчы ўзбагаціць Беларускую Вікіпэдыю — любым правапісам:) — можа кожны.

Агульная колькасьць артыкулаў на ўсіх мовах сьвету, якімі працуе буйнейшая вольная энцыкляпэдыя, дасягнула нядаўна 10 мільёнаў.

Зараз у Wikipedia:

  • 255 моўных разьдзелаў
  • Больш за 10 мільёнаў артыкулаў
  • Каля 34 мільёнаў старонак
  • Больш за 464 мільёнаў даведак
  • Амаль 4,5 тысячы адміністратараў
  • Больш за 11 мільёнаў зарэгістраваных карыстальнікаў
  • Больш 4 мільёнаў мэдыяфайлаў

У цытатах артыкула захаваны правапіс аўтараў