be-tarask.wikipedia.org

Генадзь Бураўкін — Вікіпэдыя

  • ️Fri Aug 28 1936

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Генадзь Бураўкін
лац. Hienadź Buraŭkin
Генадзь Бураўкін на творчай сустрэчы ў Віцебску, 2013

Генадзь Бураўкін на творчай сустрэчы ў Віцебску, 2013

Пастаянны прадстаўнік Рэспублікі Беларусь пры Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў
1991 — 1994
Прэм’ер-міністар Вячаслаў Кебіч
Наступнік Аляксандар Сычоў
Дэпутат Вярхоўнага Савету БССР X і XI скліканьняў
1980 — 1990
Прэм’ер-міністар Аляксандар Аксёнаў (да 8 ліпеня 1983), Уладзімер Бровікаў (да 10 студзеня 1986), Міхаіл Кавалёў
Старшыня Дзяржтэлерадыё БССР
1978 — 1990
Галоўны рэдактар часопісу «Маладосць»
1972 — 1978
Прэм’ер-міністар Ціхан Кісялёў
Папярэднік Алесь Асіпенка
Наступнік Васіль Зуёнак
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся28 жніўня 1936
Памёр30 траўня 2014 (77 гадоў)
Партыя
АдукацыяБеларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (1959)
Сужэнец Юлія (з 1959 г.)
Дзеці Сын Аляксей, дачка Сьвятлана
Бацька Мікола Бураўкін
Узнагароды

Гена́дзь Бура́ўкін (28 жніўня 1936, вёска Шуляціна Расонскага раёну Віцебскай вобласьці — 30 траўня 2014, Менск, Беларусь[1]) — беларускі паэт, журналіст і дыплямат. Ляўрэат дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы (1980).

Нарадзіўся ў вёсцы Шуляціна (цяпер Тродавічы[2]) Расонскага раёну Віцебскай вобласьці ў сям’і служачага. У вайну вёска Шуляціна згарэла, а тыя, хто здолеў уцалець, перасяліліся ў вёску Тродавічы[3]. У 1959 годзе Генадзь Бураўкін скончыў аддзяленьне журналістыкі філялягічнага факультэту БДУ.

Працаваў у часопісе «Камуніст Беларусі», у газэце «Літаратура і Мастацтва», быў карэспандэнтам «Правды» па Беларусі, галоўным рэдактарам часопіса «Маладосьць», дзе друкаваў творы Васіля Быкава і Ўладзімера Караткевіча, а таксама кнігу Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Ўладзімера Калесьніка «Я з вогненнай вёскі»[2].

Зьяўляўся старшынём Дзяржтэлерадыё БССР (1978—1990). Заняў пасаду на прапанову 1-га сакратара КПБ Пятра Машэрава (1965—1980), які яму сказаў: «Я не магу падтрымаць цябе ў справе беларушчыны афіцыйна з трыбуны, бо мяне тут жа здымуць. Але ты рабі справу. Чыноўнікі ведаюць, што ў цябе за сьпінай стаю я, і яны не насьмеляцца табе замінаць». У 1980 г. дамогся атрыманьня тэлеканалам «Беларускае тэлебачаньне» самастойнай праграмы на частасьцях 2-й Маскоўскай праграмы Цэнтральнага тэлебачаньня СССР(ru), якая дагэтуль пакрывала 70% земляў Беларускай ССР. Звыш 60% вяшчаньня самастойнай праграмы «БТ» склалі перадачы на беларускай мове[4]. У 1990 г. вызвалены ад пасады і накіраваны на дыпляматычную працу за падтрымку дэмакратычных сілаў і прадстаўленьне этэру лідэрам Беларускага народнага фронту.

Зьяўляўся пастаянным прадстаўніком Беларусі ў ААН (1990—1994). З 18 сакавіка 1994 году быў намесьнікам міністра культуры і друку Рэспублікі Беларусь [5]. На гэтай пасадзе паспрыяў выхаду ў 1995 г. на кінастудыі «Беларусьфільм» фільма Валерыя Панамарова «На чорных лядах» пра Слуцкі збройны чын 1920 году[4].

Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар. Дэпутат Вярхоўнага Савету БССР X і XI скліканьняў (1980—1990), быў адным зь ініцыятараў прыняцьця Закону аб мовах. Быў старшынём ТБМ імя Ф. Скарыны.

У 1995—2001 працаваў у часопісе «Вожык».

Чалец Беларускага ПЭН-Цэнтру, сустаршыня ўсебеларускага зьезду за Незалежнасьць (2000), Чалец Рады беларускай інтэлігенцыі.

З 2008 году зьяўляўся кіраўніком назіральнага савету спадарожнікавага тэлеканалу Белсат.

Сябраваў з шэрагам вядомых беларускіх мастакоў свайго пакаленьня. Часта прамовай Генадзя Бураўкіна адкрываліся іхнія мастацкія выстаўкі.

Памёр 30 траўня 2014 году ў Менску ад анкалягічнага захворваньня[1]. Пахаваны ў Менску на Ўсходніх могілках.

  • Адкрыцьцё выстаўкі Аляксея Марачкіна ў Арт-галерэі «Мастацтва». Менск, 22 лістапада 2013 г.

    Адкрыцьцё выстаўкі Аляксея Марачкіна ў Арт-галерэі «Мастацтва». Менск, 22 лістапада 2013 г.

  • Адкрыцьцё юбілейнай выстаўкі Гаўрылы Вашчанкі ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі 12 сьнежня 2013 г.

  • Зь беларускімі мастакамі Гаўрылам Вашчанкам і Васілём Шаранговічам ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі 12 сьнежня 2013 г.

    Зь беларускімі мастакамі Гаўрылам Вашчанкам і Васілём Шаранговічам ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі 12 сьнежня 2013 г.

  • 12 сьнежня 2013 году сярод беларускай творчай суполкі ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі.

    12 сьнежня 2013 году сярод беларускай творчай суполкі ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі.

Першыя свае вершы ён надрукаваў у полацкай абласной газэце ў 1952 годзе[2]. Пазьней выйшлі ягоныя кнігі «Майская просінь» (1960), «Зь любоўю і нянавісьцю зямною» (1963), «Дыханьне» (1966), «Жніво» (1971), «Выток» (1974), «Варта вернасьці» (1978), «Гняздо для птушкі радасьці» (1986). Аўтар зборнікаў паэзіі «Узмах крыла» (1995), «Паміж зоркай і сьвечкай» (2000, вершы 1995—1997 гг.), кніга «Выбранае» (1998).

Вершы канца 20 стагодзьдзя склалі зборнік паэта «Жураўліная пара» (2004). Надзвычай багатая і разнастайная інтымная лірыка паэта, яна ўключалася ва ўсе яго зборнікі, але асобна сабраная ў кнігах «Пяшчота» (1985) і «Чытаю тайнапіс вачэй» (2001). На вершы Г. Бураўкіна напісана шмат папулярных песень («Белы сьнег», «Зачараваная», «Матылі», «Малітва» і інш.). У паэта ёсьць зборнік песенных тэкстаў «Табе, Беларусь» (1984). Напісаў «Калыханку» для аднайменнай праграмы на беларускім тэлебачаньні. Аўтар дзьвюх кнігаў паэзіі для дзяцей «Тры казкі пра Зая» (1974) і «Сінія арэлі» (1987), дакумэнтальных аповесьцяў «Тры старонкі з легенды» (1971), выступае ў друку з нарысамі, публіцыстычнымі і крытычнымі артыкуламі. Аўтар сцэнарыяў некалькіх дакумэнтальных фільмаў, двухсэрыйнага мастацкага фільму «Полымя» (1974, сумесна з Уладзімерам Халіпам і Фёдарам Коневым)[2].

Перакладаў на беларускую мову вершы расейскіх, украінскіх, малдаўскіх, баўгарскіх паэтаў[2].

Укладальнік кнігі «Наш Быкаў» — першай кнігі ўспамінаў пра Васіля Быкава.

  • Тры старонкі з легенды. Штрыхі аднаго лёсу / Г. Бураўкін — Мн.: Белдзяржвыдавецтва, 1971.
  • Кровное: стихи: перевод с белорусского / Геннадий Буравкин. — М.: Советский писатель, 1980. — 127 с.
  • Верю полдню: стихотворения и поэмы: избранное: перевод с белорусского / Геннадий Буравкин; автор предисловия П. Е. Панченко. — М.: Молодая гвардия, 1981. — 192 с.
  • Три страницы из легенды / Г. Буравкин; сокращенный перевод с белорус. Э. Корпачева. — М.: Молодая гвардия, 1983. — 64 с.
  • Варта вірності: вірші та поемі; упорядкування та вступна стаття Бориса Олійника — К., Молодь, 1984. — 126 с.
  • Пяшчота : вершы пра каханне / Генадзь Бураўкін. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1985. — 95 с.: іл.
  • Гняздо для птушкі радасці: вершы / Генадзь Бураўкін. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1986. — 78 с.
  • Выбраныя творы (1956—1985 гг.): у 2 т. / Генадзь Бураўкін; прадмова Рыгора Барадуліна. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1986.
  • Бураўкін Г. Сінія арэлі: вершы: (для ст. школьнага ўзросту). — Мн.: Юнацтва, 1987. — 126 с. — 8000 ас.
  • Синие качели: стихотворения, поэмы, 1956—1985: перевод с белорусского / Геннадий Буравкин; предисл. И. Шкляревского. — М.: Художественная литература, 1987. — 382 с.
  • Узмах крыла: новыя вершы / Генадзь Бураўкін. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1995. — 111 с.
  • Конь незацугляны : вершы, жарты, песні / Генадзь Бураўкін. — Мн.: 1996. — 31 с.
  • Выбранае, 1955—1995: вершы. Паэмы («Чужая споведзь», «Хатынскі снег», «Паэма растання»). Казкі. Песні / Генадзь Бураўкін. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1998. — 382 с.
    • Т. 1: Вершы. Паэмы («Хатынскі снег», «Чужая споведзь»). — 319 с.
    • Т. 2: Паэма («Ленін думае пра Беларусь»). Вершы. Казкі. Песні. Пераклады. — 287 с.
  • Бураўкін Г. Паміж зоркай і свечкай: (вершы). — Мн.: Бацькаўшчына, 2000. — 159 с. — 3000 ас.
  • Бураўкін Г. Чытаю тайнапіс вачэй: Вершы пра каханне. — Мн.: Юнацтва, 2001. — 158 с. — ISBN 985-05-0301-7
  • Жураўліная пара: вершы канца стагоддзя / Генадзь Бураўкін. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2004. — 155 с.

Ляўрэат прэміі Ленінскага камсамолу Беларусі (1972), Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы за кнігу «Варта вернасьці» (1980)[2].

  1. ^ а б Памёр Генадзь Бураўкін // Радыё «Свабода», 30 траўня 2014 г. Праверана 30 траўня 2014 г.
  2. ^ а б в г д е Буравкин Геннадий Николаевич // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 91.
  3. ^ Генадзь Бураўкін Выбраныя творы. — Мн.: «Кнігазбор», 2009. — С. 11. — ("Беларускі кнігазбор"). — ISBN 978-985-6930-47-1
  4. ^ а б Глеб Лабадзенка. «Канешне, гэта не тое, што я мог бы зрабіць, але» // Народная воля : газэта. — 19 чэрвеня 2013. — № 47 (3788). — С. 1, 6. — ISSN 2071-9647.
  5. ^ Постановление Совета Министров Республики Беларусь от 18 марта 1994 г. №166 «О назначении Г. Н. Буравкина заместителем Министра культуры и печати Республики Беларусь»  (рас.)
  • Бураўкін Генадзь // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X. Мінск, 1992. Т. 1. С. 395—405.
  • Буравкин Геннадий // Кто есть кто в Беларуси. — М.: Книжный дом «Университет», 1999. — ISBN 5-8013-0068-6
  • Бураўкін Генадзь Мікалаевіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Беларусы — Варанец. — 511 с. — ISBN 985-11-0068-4. С. 345.
  • Бураўкін Генадзь Мікалаевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0 С. 132.
  • Бураўкін Генадзь Мікалаевіч // Беларусь : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1995. С. 136.
  • Бураўкін Генадзь Мікалаевіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. / Рэд. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1984. — Т. 1: А капэле — Габелен. — 727 с. — 9500 ас.. С. 517.
  • Быкаў В. Сціплае слова вітання / Васіль Быкаў. Паміж зоркай і свечкай / Рыгор Барадулін // Маладосць. 1996. № 8. С. 213—221.
  • Гніламёдаў У. В. Споведзь пакалення: (Генадзь Бураўкін) / Уладзімір Гніламёдаў // Ля аднаго вогнішча: літаратурна-крытычныя артыкулы / Уладзімір Гніламёдаў. Мінск, 1984. С. 104—125.

Далучэньне да арганізацыі — 1945, адкрыцьцё пастаяннага прадстаўніцтва — 1958

БССР
Рэспубліка Беларусь

  • Генадзь Бураўкін (1991—1994)
  • Аляксандар Сычоў (1994—2000)
  • Сяргей Лінг (2000—2002)
  • Андрэй Дапкюнас (2004—2017)
  • Валянцін Рыбакоў (з 2017 году)