Меднікі — Вікіпэдыя
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ме́днікі (лет. Medininkai) — вёска ў Летуве, каля ракі Лошы. Цэнтар староства Віленскага раёну Віленскага павету. Насельніцтва на 2011 год — 493 чалавекі. Знаходзяцца за 26 км ад Вільні, за 2 км ад беларуска-летувіскай граніцы; на аўтамабільнай дарозе Вільня — Менск.
Меднікі — даўняе мястэчка гістарычнай Віленшчыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага, на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Да нашага часу тут захаваўся замак вялікіх князёў літоўскіх, помнік архітэктуры XIV стагодзьдзя.
Медзін (Meddin) — імя германскага паходжаньня[1].
На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Меднікі мае зьвязкі зь медным рамяством, пашыраным сярод першых насельнікаў паселішча[2].
Дзеля адрозьненьня ад Меднікаў (Варняў) на Жамойці часам насілі дадатковае азначэньне — Меднікі Літоўскія[3]
Гісторыя мястэчка мае непарыўныя зьвязкі з замкам вялікіх князёў, збудаваным, паводле найбольш пашыранага меркаваньня, у першай палове XIV стагодзьдзя (полюсныя вэрсіі — канец XIII стагодзьдзя і па 1380 год)[4].
Меднікі здаўна належалі да ўладаньняў вялікага князя Альгерда, тут неаднойчы спынялася ягоная жонка цьвярская княжна Ўльяна. Медніцкі замак значыцца ў «Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» апошняй чвэрці XIV стагодзьдзя. У гэты час ён быў аб’ектам нападаў крыжакоў. У 1385 годзе вялікі магістр Конрад фон Ротэнштайн дэманстратыўна зладзіў пад мурамі фартэцыі рыцарскі турнір, але пра ўзяцьце замка не паведамляецца. У 1402 годзе Сьвідрыгайла навёў на Меднікі нямецкіх хаўрусьнікаў, па чым тыя спалілі драўляныя ўмацаваньні замка і прадмесьці.
У XV — сярэдзіне XVI ст. у Медніцкім замку знаходзілася рэзыдэнцыя намесьніка вялікіх князёў. Тут любіў спыняцца вялікі князь Казімер. Пад 1517 годам Жыгімонт Гербэрштайн упамінае замак як пакінуты. У XVII ст. замкавыя муры выкарыстоўваліся як агароджа для сядзібы і саду.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Меднікі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Віленскім павеце. Каля 1885 году ў мястэчку было 26 будынкаў. У канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў тут было 34 двары[5].
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Меднікі занялі войскі Нямецкай імпэрыі. Нямецкія салдаты разабралі частку заходняга мура замка.
- Старая графіка Медніцкага замка
-
1827 г.
-
Літаграфія паводле малюнку Н. Орды
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Меднікі абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1920 годзе мястэчка апынулася ў складзе Сярэдняй Літвы, у 1922 годзе — у складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Віленскім павеце Віленскага ваяводзтва.
У 1939 годзе Меднікі ўвайшлі ў БССР, аднак 1—2 кастрычніка 1940 году Масква перадала мястэчка Летувіскай ССР. 31 ліпеня 1991 году, у пэрыяд распаду СССР, група байцоў рыскага АМАПу напала на мытны пост у Медніках. У выніку гэтага інцыдэнту загінулі 7 летувіскіх афіцэраў.
- Замак на старых здымках
-
1897 г.
-
1916 г.
-
да 1939 г.
- XIX стагодзьдзе: 1867 год — 221 чал.; каля 1885 году — 297 чал.[6]
- XX стагодзьдзе: 1959 год — 361 чал.; 1970 год — 1970 чал.; 1979 год — 478 чал.; 1980 год — 480 чал.; 1986 год — 543 чал.; 1989 год — 586 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2001 год — 508 чал.; 2011 год — 493 чал.
- Замак (XIV ст.)
- Касьцёл Сьвятога Казімера (1928—1933)
- Могілкі старыя каталіцкія
- ^ Morlet M.-T. Les noms de personne sur le territoire de l’ancienne Gaule du VIe au XIIe siècle. T. I: Les noms issus du germanique continental et les créations gallo-germaniques. — Paris, 1971. P. 163.
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 227.
- ^ Lietuvos Metrika. 40-oji Teismų bylų knyga (1559—1563). — Vilnius, 2015. P. 58.
- ^ Дзярновіч А. Медніцкі замак // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 283.
- ^ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). , 1890—1907.
- ^ Krzywicki J. Miedniki // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VI: Malczyce — Netreba. — Warszawa, 1885. S. 329.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VI: Malczyce — Netreba. — Warszawa, 1885.
|
— ¹ Вылучаным пазначаюцца ўмацаваныя месты і мястэчкі (гарады / гарадкі); — ² У дужках прыводзіцца час атрыманьня Магдэбурскага права |