be-tarask.wikipedia.org

Сьпіс вялікіх князёў літоўскіх — Вікіпэдыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Вялі́кі князь літо́ўскі (гаспадар) — найвышэйшы княскі тытул у Вялікім Княстве Літоўскім. Быў гаспадаром (кіраўніком) дзяржавы. Яму падначальваліся князі, магнаты, якія кіравалі асобнымі княствамі, землямі або вотчынамі. Абіраўся фэўдаламі, звычайна з сыноў або блізкіх сваякоў папярэдняга вялікага князя. Меў шырокія паўнамоцтвы: весьці міжнародныя справы, уступаць у зьвязы, абвяшчаць вайну і складаць мір, распараджацца ўзброенымі сіламі дзяржавы, дзяржаўнай маёмасьцю, прыбыткамі і скарбамі, дараваць дзяржаўную маёмасьць, тытулы і годнасьці, ажыцьцяўляць найвышэйшы суд і памілаваньне засуджаных. Яму належала заканадаўчая ініцыятыва, усе асноўныя законы і праўныя акты выдаваліся за яго подпісам[1][2].

Прывілеі 1447 і 1492 гадоў юрыдычна абмежавалі ўладу вялікага князя літоўскага. Згодна зь імі, ня меў права самастойна вызначаць найбольш важныя пытаньні замежнай і ўнутранай палітыкі. Нягледзячы на тое, што заканадаўчыя акты, у тым ліку Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 году, падкрэсьлівалі, што ўлада вялікага князя ад Бога, яго становішча было тыповым для абмежаванага фэўдальнага манарха, правы яго грунтаваліся на выбарнай аснове. Калі ў XIV стагодзьдзі Рада Вялікага княства Літоўскага пры вялікім князю была толькі дарадчым органам, то пазьней яе значэньне вельмі ўзрасло, многія захады дзяржаўнага кіраваньня маглі зьдзяйсьняцца толькі зь яе згоды. У нябытнасьць вялікага князя рада фактычна была найвышэйшым дзяржаўным органам і дзеяла самастойна. Абмежаваньне ўлады вялікага князя літоўскага агадвалася законамі ВКЛ у форме клятвы і абяцаньня вялікім князем захоўваць пэўныя правы і прывілеі, а таксама ў форме беспасярэдняй забароны. Напрыклад, вялікаму князю забаранялася пачынаць вайну або вызначаць падаткі на ваенныя патрэбы без дазволу на тое сойму, выдаваць законы, якія б пярэчылі Статуту ВКЛ, раздаваць духоўныя і сьвецкія ўрады, тытулы і землі ВКЛ іншаземцам, у тым ліку польскай шляхце[2].

Па Люблінскай уніі 1569 году вялікі князь літоўскі адначасна быў каралём польскім, стаяў на чале канфэдэрацыйнай дзяржавы — Рэчы Паспалітай. Апроч гэтага тытула, меў тытулы паводле назваў земляў, якімі валодаў. Напрыклад, Жыгімонт Ваза меў тытулы караля польскага, вялікага князя літоўскага, рускага, прускага, жамойцкага, мазавецкага, інфлянцкага, насьледнага гаспадара і караля швэдзкага, гоцкага, вандальскага, вялікага княжыча фінляндзкага ды іншых[2].

Гады кіраваньня Ілюстрацыя Імя
каля 1236 — 1263 Міндоўг
1263—1264 Транята
1264—1266 Войшалк
1267—1270 Шварн
1270—1282 Трайдзень
1280-я гг.[a] Даўмонт
1282—1292[b] Будзівід
1292—1294[b] Будзікід
1294—1316 Віцень
1316—1341 Гедзімін
1341—1345 Яўнут
1345—1377[c] Альгерд
1377—1381[c] Ягайла
1381—1382 Кейстут
1382—1392 Ягайла
1392—1430 Вітаўт
1430—1432 Сьвідрыгайла
1432—1440 Жыгімонт Кейстутавіч
1440—1492 Казімер Ягелончык
1492—1506 Аляксандар Ягелончык
1506—1548 Жыгімонт Стары
1544—1569 Жыгімонт Аўгуст
  • Генрык Валезы (1573) — адначасна кароль польскі Жыгімонт I
  • Стэфан Баторы (1576—1586) — адначасна кароль польскі Жыгімонт II
    • Максіміліян Габсбург (1575—1576) — імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі, абраны паводле падвойнай элекцыі 1575 году адначасна з Баторыем
  • Жыгімонт Ваза (1587—1632) — адначасна кароль польскі Жыгімонт III
    • Максіміліян III Габсбург (1587—1589) — эрцгерцаг, сын імпэратара Максіміліяна II, абраны паводле падвойнай элекцыі 1587 году адначасна з Жыгімонтам Вазам
  • Уладзіслаў Ваза (1632 — 1648) — адначасна кароль польскі Ўладзіслаў IV
  • Ян Казімер (1648 — 1668) — адначасна кароль польскі Ян II Казімер
    • Карл Густаў — кароль Швэцыі, па складаньні Кейданскай уніі лічыўся сваімі прыхільнікамі за вялікага князя літоўскага ў 1655—1660 гадох
  • Міхал Вішнявецкі (1669—1673) — адначасна кароль польскі
  • Ян Сабескі (1674—1696) — адначасна кароль польскі Ян III.
  • Аўгуст Моцны (1697—1706) — адначасна кароль польскі Аўгуст IІ і курфюрст саксонскі Фрыдрых Аўгуст І
    • Франсуа Люі Бурбон (1697) — прынц дэ Конці, абраны паводле падвойнай элекцыі 1697 году адначасна з Аўгустам ІІ
    • Станіслаў Ляшчынскі (13 ліпеня 1704—1706) — адначасна кароль польскі Станіслаў II, абраны канфэдэрацыяй; да абдыкацыі ў 1706 годзе Аўгуста Моцнага ўладарыў адначасна зь ім
  • Аўгуст Моцны (1709—1733) — другі раз, адначасна кароль польскі пад імем Аўгуст II
  • Аўгуст Сас (1733 — 1763) — адначасна кароль польскі Аўгуст III і курфюрст саксонскі Фрыдрых Аўгуст ІІ
    • Станіслаў Ляшчынскі (1733) — другі раз, адначасна кароль польскі Станіслаў II, абраны паводле падвойнай элекцыі 1733 году адначасна з Аўгустам ІІІ
  • Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (1764—1795) — адначасна кароль польскі
  1. ^ Меркаваны вялікі князь літоўскі, які ўпамінаецца ў Траецкім і Васкрасенскім летапісах
  2. ^ а б Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1289 годам
  3. ^ а б Уладарыў разам з Кейстутам
  1. ^ Маслыка Г. Вялікі князь // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 438.
  2. ^ а б в Маслыка Г. Вялікі князь // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 475.