be.wikipedia.org

Храналогія (Рымша) — Вікіпедыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Храналогія
Выданне
першая старонка
Аўтар Андрэй Рымша
Мова арыгінала старабеларуская мова
Дата першай публікацыі 5 мая 1581
Выдавецтва Іван Фёдараў
Месца публікацыі Астрог
Лагатып Вікікрыніц Тэкст твора ў Вікікрыніцах

«Храналогія» (Которого сѧ м(е)с(я)ца што за старыхъ вековъ дѣело короткое описанїе) — вершаваны твор вялікалітоўскага паэта другой паловы XVI стагоддзя Андрэя Рымшы. Надрукаваны Іванам Фёдаравым у Астрогу 5 мая 1581 года. Гэта аднааркушнае выданне, у якім дзве старонкі тэксту надрукаваны на адным баку[1].

Гэты паэтычны твор складаецца з дванаццаці невялікіх тэкстаў, якія ўключаюць загалоўкі, двухрадкоўі пра падзеі біблейскай гісторыі і ўказанні дня месяца (па юліянскім календары з абазначэннем кніжнага/лацінскага варыянту назвы месяца). У загалоўках спачатку прыводзіцца лацінская назва месяца, затым старажытнаяўрэйская («погебреіску») і далей — славянская («просто»): «М(е)с(я)ца сентебра, по гебреиску елюль, просто вресень»[1].

Другая старонка

Трыяды назваў месяцаў наступныя[1]:

  • сентебра — елюль — вресень,
  • октоврїа — тышри — паздерникъ
  • ноемврїѧ — марге оусамъ — грудень,
  • декаврїа — хашлеу — просинецъ,
  • генуара — тебет — стычень,
  • февралѧ — себат — лютый,
  • марта — адаръ — марец,
  • априлѧ — нисан — кветень,
  • мая — іѧръ — маи,
  • іюнѧ — сыванъ — чырвецъ,
  • іюлѧ — тамус — липецъ,
  • августа — аовъ либо авъ — серпень.

Назвы трох славянскіх месяцаў прыводзяцца ў польскай транскрыпцыі (вресень, стычень, марец). «Паздерник» захоўваецца ў назве кастрычніка месяца ў сучаснай польскай мове (październik). «Просинец» — старажытнаруская назва месяца, вядомая па многіх ранніх крыніцах, пачынаючы з Астрамірава і Галіцкага Евангелля[1].

Захаваўся толькі адзін экзэмпляр гэтага ўнікальнага твора, што захоўваецца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу[2].

  1. а б в г Шустова, Ю. Э. Славянские названия месяцев в украинских печатных книгах конца XVI-XVII в / Ю. Э. Шустова // Стены и мосты VII. Междисциплинарность: что от историка требует, что дает и чего лишает? : Сборник трудов Международной научной конференции, Москва, 24–25 мая 2018 года. – Москва: Российский государственный гуманитарный университет, 2019. – С. 229-239. – EDN TGYTLC.
  2. Рымша Андрэй на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»