be.wikipedia.org

Лунінец — Вікіпедыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Горад

Лунінец

Герб Сцяг
Герб Сцяг
Краіна
Вобласць
Раён
Каардынаты
Першая згадка

1449

Горад з
Плошча
  • 55 км²
Вышыня цэнтра

139 м[1]

Насельніцтва
  • 23 592 чал. (1 студзеня 2024)[2]
Часавы пояс
Тэлефонны код

+375 1647

Паштовы індэкс

225642 (43,44)

Аўтамабільны код

1

СААТА

1247501000

Афіцыйны сайт

Лунінец на карце Беларусі ±

Лу́нінец[3] (трансліт.: Luniniec) — горад у Брэсцкай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Лунінецкага раёна. Вузел чыгунак на Брэст, Гомель, Баранавічы, Сарны і аўтадарог. За 240 км на ўсход ад Брэста.

Назвы Лунінец, Лунін трэба разглядаць у сувязі з рачной назвай Лунія (адзін з варыянтаў назвы прыпяцкай ракі Лань)[4].

Форма «Лунія» звязаная з латышскім luns «твань», літоўскім liūnas «твань; покрыва моху над вадой у балоце або ля берага азёраў ці рэк, што зарастаюць». Далей да літоўскага liaunas «гнуткі, слабы» і значэння балотнай паверхні як няўстойлівай, гнуткай[5][6].

Вядомы з 1449 пад назвай Малы Лулін, шляхецкае ўладанне. З 1471 года сяло Лулінец маёнтка Ішкалдзь, належала Неміровічам. У 1552 годзе ўдава Я. П. Неміровіча Ганна Сапяжанка перадала сяло свайму пасынку полацкаму ваяводзе С. С. Давойне. Потым сяло належала Друцкім-Любецкім, Граўжышскім, Кунцэвічам, Долматам. З 1561 года сяло завецца Лунінец. З 1588 года ў Новагародскім павеце Вялікага Княства Літоўскага, 484 жыхары, 74 домы, вінакурня. У 1622 годзе Канстанцін Долмат падарыў Лунінец разам з сялянамі Дзятлавіцкаму мужчынскаму манастыру.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расійскай імперыі. У 1842 годзе маёнткі манастыра былі перададзеныя ў казну, а жыхары пераведзеныя ў катэгорыю дзяржаўных сялян. Развіццю Лунінца спрыяла будаўніцтва Палескіх чыгунак. З лістапада 1911 года па люты 1912 года тут жыў і працаваў Я. Колас.

28 кастрычніка (10 лістапада) 1917 года ў Лунінцы абвешчана Савецкая ўлада, тут адбыўся I з'езд Саветаў Пінскага павета. 18 лютага 1918 года акупіраваны германскімі войскамі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Савецкай Беларусі. Неўзабаве адноўлена савецкая ўлада, а горад апынуўся ў ЛітБел ССР. З лютага 1919 года Лунінец — адзін з важнейшых вузлоў абароны на Заходнім форонце ў час Савецка-польскай вайны. 10 ліпеня 1919 года заняты польскімі войскамі, у ліпені 1920 года — Чырвонай Арміяй, якая напачатку восені аднак вымушана была пакінуць горад.

З 1921 года ў складзе Польшчы, цэнтр павета. На 1 верасня 1939 года ў горадзе жылі 4153 яўрэі — 36,4% насельніцтва[7][8].

З 1939 года ў БССР, з 1940 года — цэнтр раёна.

У гады Вялікай Айчыннай вайны з 10 ліпеня 1941 па 10 ліпеня 1944 года акупаваны германскімі войскамі. Было створана гета ў Лунінцы. У горадзе і раёне акупанты знішчылі 16,6 тыс. чалавек, вывезлі ў Германію 2,3 тыс. чалавек.

  • XVI стагоддзе: 1588 год — 484 чал., 74 дамы
  • XVIII стагоддзе: 1795 год — 624 чал., 75 дамоў
  • XIX стагоддзе: 1897 год — 3167 чал.[9], 855 двароў
  • XX стагоддзе: 1939 год — 8,3 тыс. чал.[9]; 1956 год — 10,3 тыс.чал.[9]; 1970 год — 14,3 тыс. чал.[9]; 1995 год — 24,9 тыс. чал.[9]
  • XXI стагоддзе: 2006 год — 23,8 тыс. чал.; 2015 год — 24 220 чал.[10]; 2016 год — 24 412 чал.[11]; 2017 год — 24 712 чал.[12]

Прадпрыемствы машынабудавання, будаўнічых матэрыялаў, дрэваапрацоўчай і харчовай прамысловасці. Гасцініца «Юбілейная».

  • РУВП «Лунінецкі рамонтна-механічны завод»
  • Філіял «Нарыхтоўча-вытворчы камбінат „Палессе“» Лунінецкага раённага спажывецкага таварыства
  • ААТ «Лунінецкі малочны завод»
  • ААТ «Лунінецлес»
  • Філіял «Лунінецкі хлебазавод» РУВП «Брэстхлебпрам»

Лунінецкі краязнаўчы музей.

У 2011 годзе ў горадзе адкрыты лядовы палац — аналаг арэн, пабудаваных раней у Пружанах і Кобрыне[13] Маецца плавальны басейн (адкрыты ў 2012 годзе). Апроч гэтага ў горадзе існаваў мотабольны клуб «Лунінец», неаднаразова які перамагаў у першынстве Еўропы па даным відзе спорту. У першынстве Беларусі па футболе гулялі футбольныя клубы «Лунінец»[14] і «Палессе»[15].

  • Лядовы палац

    Лядовы палац

  • Плавальны басейн

    Плавальны басейн

  • Матадром

    Матадром

Касцёл Святога Іосіфа
Свята-Крыжаўзвіжанская царква

Страчаная спадчына:

  • Іван Лявонцьевіч Раманюк (1974)
  1. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  2. Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаБелстат, 2024.
  3. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
  4. П. Л. Маштаковъ. Списокъ рѣкъ днѣпровскаго бассейна. Санкт-Петербургъ, 1913. С. 144.
  5. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 194.
  6. V. Urbutis. (rec.:) Этимология, 1968 // Baltistica. 1972. VIII (2). С. 208—209.
  7. Государственный архив Брестской области (ГАБО), — фонд 2136, опись 1, дело 7, лист 1;
  8. «Памяць. Лунінецкi раён». 1995, с. 317. Памылка шаблона sfn: няма якара: CITEREF«Памяць._Лунінецкi_раён».1995 (даведка)
  9. а б в г д Беларусь 1995.
  10. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2015 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2014 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (31 сакавіка 2015). Праверана 3 красавіка 2017.
  11. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  12. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  13. У Лунінцы пабудуюць лядовы палац
  14. «Лунінец» Лунінец на сайце Footballfacts.ru
  15. «Палессе» Лунінец на сайце Footballfacts.ru
commons: Лунінец на Вікісховішчы